Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Сент-Экзюпери Антуан - Маленькi Прынц (На Белорусском Языке)


Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры
Маленькi прынц
Казка
Пераклала Нiна Мацяш
ЛЕОНУ ВЕРТУ
Шчыра перапрашаю дзяцей за тое, што я прысвяцiў гэтую кнiжку даросламу.
Скажу ў апраўданне: гэты дарослы - мой сама лепшы сябар. I яшчэ: ён разумее
ўсе на свеце, нават дзiцячыя кнiгi. I нарэшце: ён жыве ў Францыi, дзе цяпер i
голадна, i холадна. I яму вельмi патрэбна суцяшэнне. Калi ж ўсё гэта не
апраўдвае мяне, я прысвячу сваю кнiжку, таму хлопчыку, якiм некалi быў мой
дарослы сябар. Усе ж дарослыя былi спачатку дзецьмi. Праўда, мала хто з iх
памятае пра гэта... То я выпраўляю сваё прысвячэнне:
ЛЕОНУ ВЕРТУ, калi ён быў маленькiм
I
Мне было шэсць гадоў, калi ў кнiзе пра джунглi, якая называлася
"Непрыдуманыя гiсторыi", я ўбачыў аднойчы дзiвосны малюнак. Змяя - страшэнны
ўдаў - глытала драпежнага звера.
У кнiзе гаварылася: "Удавы глытаюць сваю ахвяру цалкам, не жуюць. Пасля
гэтага яны ўжо не могуць варухнуцца i цэлых паўгода спяць, пакуль не
перавараць ежу".
Я шмат разважаў пра поўнае прыгод жыццё ў джунглях i таксама намаляваў
тое-сёе каляровым алоўкам. Гэта быў мой малюнак No 1.
Я паказаў свой шэдэўр дарослым i пацiкавiўся, цi не страшна iм, калi яны
глядзяць на мой малюнак.
- А чаму капялюш павiнен наводзiць страх? - здзiвiлiся яны.
На маiм малюнку быў зусiм не капялюш. На маiм малюнку быў удаў, якi
праглынуў слана. Тады я намаляваў удава знутры, каб дарослым было больш
зразумела. Але iм ўсё роўна спатрэбiлiся тлумачэннi.
Дарослыя параiлi мне не маляваць удаваў нi звонку, нi знутры, а лепей
больш цiкавiцца геаграфiяй, гiсторыяй, арыфметыкай i правапiсам. Вось так, у
шэсць гадоў, мяне пераканалi адмовiцца ад блiскучай кар'еры мастака. Я быў
збiты з панталыку няўдачай з малюнкамi. Дарослыя нiколi i нiчога не могуць
зразумець самi, а дзецям надта ж утомна вечна тлумачыць iм, што да чаго.
Такiм чынам, мне трэба было выбраць якую-нубудзь iншую прафесiю, i я
пайшоў у лётчыкi. Дзе мне толькi не давялося быць! I геаграфiя сапраўды
спатрэбiлася мне. Я мог з першага погляду адрознiць Кiтай ад Арызоны. Гэта
вельмi карысна, калi часам заблудзiшся ўночы.
За сваё жыццё мне давялося сутыкнуцца з многiмi сур'ёзнымi людзьмi. Я
многа часу пражыў з дарослымi, быў вельмi блiзка знаёмы з iмi. Не скажу, каб
пасля гэтага я стаў лепей думаць пра iх.
Калi я сустракаў каго-небудзь з iх асяроддзя, хто здаваўся мне трошкi
разумнейшым, я паказваў яму малюнак No 1, - я збярог яго i заўсёды насiў з
сабою. Мне хацелася ведаць, цi сапраўды той чалавек кемлiвы. Але кожны дарослы
заўсёды адказваў мне: "Гэта капялюш". I я ўжо не гаварыў з iм нi пра ўдаваў,
нi пра джунглi, нi пра зоркi. Я прыстасоўваўся да яго паняццяў. Гутарыў пра
брыдж i гольф, пра палiтыку i гальштукi. I дарослы быў дужа задаволены
знаёмствам з такiм разумным чалавекам.
II
Так я жыў у адзiноце, i не было ў мяне анiкога, з кiм бы я мог
па-сапраўднаму адвесцi душу. Але аднойчы, шэсць гадоў назад, мне давялося
зрабiць вымушаную пасадку ў Сахары. Нешта зламалася ў маторы майго самалёта.
Са мною не было нi механiка, нi пасажыраў, i трэба было самому ламаць галаву,
як выратавацца. Я павiнен быў адрамантаваць матор альбо загiнуць. Маiх запасаў
пiтной вады хапiла б ледзьве на тыдзень.
I вось - мая першая ноч сярод бязмежных пяскоў пустынi, дзе на тысячы мiль
наўкол - нiводнага селiшча. Чалавек, якi пасля караблекрушэння ўсё-такi ацалеў
дзесьцi на плыце ў бязмежным акiяне, i той быў не такi адзiнокi. Дык уявiце
сабе маё здзiўленне, калi на досвiтку мяне пабудзiў нечы тоненькi г





Содержание раздела