Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Сартр Жан Поль - Пакой (На Белорусском Языке)


Жан-Поль Сартр
Пакой
Пераклаў Змiцер Колас
I
Панi Дарбеда трымала кавалачак рахат-лукуму, сцiснуўшы яго самымi
кончыкамi пальцаў. Яна беражна паднесла яго да вуснаў i затаiла дыханне,
баючыся, каб тонкая цукровая пудра, якой ён быў прысыпаны, не зляцела ад яе
неасцярожнага подыху. "Пахне, як ружа", - падумала яна. Потым рэзка ўкусiла
студзянiстую масу, i яе рот напоўнiўся своеасаблiвым затхлым водарам. "Дзiўна,
як хвароба абвастрае пачуццi". Ёй падумалася пра мячэцi, пра падлiзлiвых
жыхароў Усходу (даўно, яшчэ ў час сваёй вясельнай вандроўкi, яна была ў
Алжыры), i яе вусны кранула ледзь прыкметная ўсмешка: рахат-лукум быў такi
самы, падлiзлiвы.
Ёй давялося некалькi разоў правесцi далоняй па кнiзе, бо, нягледзячы на
перасцярогi, старонкi пакрылiся тонкiм слоем белай пыльцы. Цукровыя зернеткi
суха парыпвалi пад рукой, скатвалiся, слiзгалi па гладкай паперы. "Нiбы ў
Аркашоне, калi я чытала на пляжы..." Лета 1907 года яна правяла на марскiм
узбярэжжы. У яе тады быў вялiкi саламяны капялюш з зялёнаю стужкай; яна сядала
каля самай дамбы i брала раман Жып цi Калеты Iвэр. Вецер сыпаў на каленi жменi
пяску, i час ад часу яна абтрасала кнiгу, узяўшы яе за ражкi. Цяпер у яе было
такое ж пачуцце: толькi пясчынкi былi зусiм сухiя, а цукровыя зернеткi крыху
лiплi да кончыкаў пальцаў. Яна зноў убачыла палосу шэра-мацiцовага неба над
чорным морам. "Ева тады яшчэ не нарадзiлася". Яна адчувала сябе ацяжэлаю ад
успамiнаў i адначасова - нейкаю вычварнаю, як брызельны куфэрак. Раптам ёй
прыгадалася назва рамана, якi яна чытала тады: ён называўся "Мiлая панi" i быў
даволi забаўны. Але з той пары, як невядомая хвароба не дазваляла ёй пакiнуць
гэтага пакоя, панi Дарбеда аддавала перавагу ўспамiнам i гiстарычнай
лiтаратуры. Яна хацела, каб боль, сур'ёзныя кнiгi i пiльная, несупынная ўвага
да мiнуўшчыны, да сама тонкiх пачуццяў дазволiлi ёй даспець, як прыгожаму
аранжарэйнаму плоду.
Крыху раздражнёна яна падумала, што хутка ў дзверы пастукае муж. У iншыя
днi ён прыходзiў толькi пад вечар, моўчкi цалаваў яе ў лоб i, сеўшы насупраць
у глыбокi фатэль, пачынаў чытаць "Тан". Але чацвер - гэта быў яго дзень: у
чацвер пан Дарбеда на гадзiну хадзiў у госцi да iхняй дачкi - звычайна памiж
трэцяю i чацвёртай. Перад тым як пайсцi, ён заўсёды заходзiў да жонкi, i яны з
горыччу гаманiлi пра зяця. Гэтыя гамонкi, у якiх можна было прадбачыць кожную
дробязь, бо яны паўтаралiся кожны чацвер, знясiльвалi панi Дарбеду. Пан
Дарбеда запаўняў сабой увесь гэты звычайна цiхi пакой. Ён не садзiўся нi на
хвiлiну i ўсё хадзiў сюды i туды, круцiўся ваўчком. Кожны яго палкi выпад
ранiў панi Дарбеду, як востры шкляны асколак. А ў гэты чацвер усё мелася быць
яшчэ горш, чым звычайна: ад думкi, што зараз ёй давядзецца пераказаць мужу
Евiныя прызнаннi i ўбачыць, як яго вялiзнае жахлiвае цела закалоцiцца ў гневе,
панi Дарбеду ўганяла ў пот.
Яна ўзяла са сподка кавалак лукуму, некалькi iмгненняў нерашуча пазiрала
на яго i потым сумна паклала назад: ёй не хацелася, каб муж бачыў, як яна есць
лукум.
Пачуўшы стук, яна ўздрыганулася i адказала слабым голасам:
- Увайдзi.
Пан Дарбеда ўвайшоў на дыбачках.
- Я зараз пайду да Евы, - сказаў ён, як i кожны чацвер.
Панi Дарбеда ўсмiхнулася.
- Пацалуй яе ад мяне.
Пан Дарбеда не адказаў i заклапочана зморшчыў лоб: кожны чацвер, у
аднолькавы час, яго апаноўвала глухая злосць, якая прымешвалася да цяжкасцяў
страўлення.
- Вяртаючыся назад, я зайду да Франшо. Мне б хацелася, каб ён сур'ёзна
пагутарыў з ёй i па





Содержание раздела