Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Роб-Грийе А - Сцэна (На Белорусском Языке)


Ален Роб-Грые
Сцэна
Пераклад: Змiцер Колас
Калi заслона адчыняецца, першае, што вiдаць з залы - памiж чырвонымi
аксамiтнымi крысамi, якiя паволi разыходзяцца ў бакi, - першае, што вiдаць, -
чалавек. Ён сядзiць за рабочым сталом пасярод ярка асветленай сцэны, спiнай да
гледачоў.
Нерухомы, абодва локцi, рукi - на стале. Галава крыху павернутая направа -
градусаў на сорак пяць, - так што рысы твару не вельмi вiдны, адно няясны,
незавершаны профiль: шчака, скроня, выпнутая скiвiца, край вуха...
Рук таксама не вiдаць, хоць па паставе можна здагадацца, чым занятая
кожная: левая ляжыць плазам на раскiданых паперах, другая - з ручкаю - на
хвiлiну знерухомела ў роздуме над распачатай старонкай. Абапал - бязладныя
стосы тоўстых кнiг; па форме i памерах - слоўнiкi, хутчэй за ўсё замежнай мовы
- i вiдаць, старажытнай.
Галава павернутая направа, крыху прыўзнятая: погляд адарваўся ад
абарванага сказа i кнiг. Ён глядзiць у глыбiню пакоя - туды, дзе за цяжкiмi
фiранкамi з чырвонага аксамiту хаваецца акно - шырачэзнае i высокае. Фiранкi
доўгiя, ад столi да самай падлогi. Складкi на iх вертыкальныя i роўныя, вельмi
частыя, у глыбокiх выгiнах - цень...
Прыцягвае ўвагу рэзкi грук - з левага боку пакоя: б'юць па нечым
драўляным, даволi моцна i настойлiва, адразу вiдаць, не першы - прынамсi,
другi раз.
Але чалавек па-ранейшаму нерухомы, маўчыць. Потым, без нiякага руху ў
целе, паволi, паварочвае галаву - налева. Погляд прабягае па ўсёй сцяне ў
глыбiнi шырокага пакоя, абсалютна голай - гэта значыць без нiякай мэблi, адно
абабiтай дошкамi з цёмнага дрэва, - ад акна з чырвонымi фiранкамi да зачыненых
дзвярэй - звычайных памераў, калi не маленькiх. Погляд спыняецца, але грукат
чуецца зноў - рэзкi, здаецца, можна ўявiць, як скаланаюцца форткi дзвярэй.
Рысы твару па-ранейшаму не вiдны, хоць галава ўжо павярнулася. Цяпер,
пасля павароту на дзевяноста градусаў, яна займае становiшча сiметрычнае таму,
што было спачатку - сiметрычнае да агульнай восi пакоя, крэсла, стала. I зноў
- адно незавершаны профiль: другая шчака, другая скроня, другое вуха i г. д.
У дзверы стукаюцца, яшчэ раз, але ўжо слабей, нiбы з апошняю просьбай - цi
нiбы ўжо не спадзяюцца, цi ўжо супакоiлiся, цi страцiлi ўпэўненасць, цi ўсё,
што хочаце яшчэ. Колькi секунд пазней чуваць цяжкiя крокi - яны пакрысе
аддаляюцца па доўгiм калiдоры.
Чалавек зноў паварочвае галаву да чырвоных фiранак, направа. Свiшча праз
зубы некалькi нот - вiдаць, урывак нейкай музычнае фразы - сумнай народнай
мелодыi або песнi, - але скажона, перарывiста, цяжка пазнаць.
Потым яшчэ хвiлiну сядзiць нерухома i моўчкi. I нарэшце апускае вочы на
твор.
Галава нахiляецца. Спiна горбiцца. Спiнка крэсла - чатырохкутная рамка:
абапал дзве вертыкальныя рэйкi, мiж iмi - у цэнтры - суцэльны драўляны
квадрат. I зноў чуваць свiст, колькi нотак з прыпеўкi, яшчэ цiшэй, яшчэ болей
разрознена.
Раптам чалавек падымае галаву - да дзвярэй, i застывае, шыя напружаная.
Сядзiць так некалькi доўгiх секунд - нiбыта пiльнуе. У зале, аднак, не чуваць
нi гуку.
Чалавек асцярожна ўстае, адсоўвае крэсла - каб не шоргнула, каб не
стукнула аб падлогу, - i бязгучна iдзе да аксамiтных фiранак. Адхiнае крыху
адзiн край - той, што справа, блiжэй да залы, i глядзiць вонкi - на дзверы
(налева). Цяпер было б можна ўбачыць увесь яго профiль, злева, але ён схаваны
чырвонай тканiнай, якую рука адвяла да шчакi. Затое на стале - вiдны аркушы
белай паперы.
Iх даволi многа, часткова яны налазяць адзiн на адзiн. Куточкi нi





Содержание раздела