Прус Болеслав - Жывы Тэлеграф (На Белорусском Языке)
Баляслаў Прус
Жывы тэлеграф
Пераклад: Янка Брыль
У час вiзiту ў сiрочым прытулку панi графiня заўважыла на калiдоры
незвычайную сцэну: чатыры хлопцы вырывалi адзiн у аднаго падзёртую кнiгу,
даволi жвава лупцуючыся кулакамi.
- Мне здаецца, дзецi, што вы б'яцеся? - крыкнула спалоханая дама. - За
гэта нiводзiн з вас не атрымае пернiчка i да таго яшчэ будзе стаяць на
каленях.
- Бо гэта ён, проша панi, забраў у мяне "Рабiнзона"! - апраўдваўся адзiн
хлопец.
- Лухта, гэта ён! - запярэчыў другi.
- Бачыш, як ты лжэш! - крыкнуў трэцi. - Гэта ты забраў у мяне "Рабiнзона".
Манашка растлумачыла даме, што, хоць тут i пiльны нагляд, падобныя выпадкi
здараюцца даволi часта, бо дзецям хочацца чытаць, а кнiжак у прытулку няма.
У сэрцы графiнi затлела нейкая iскра. Паколькi, аднак, паню стамляла
думанне, яна пастаралася забыцца пра гэта. Толькi ў салоне пана саветнiка, дзе
прынята было гаварыць пра рэчы набожныя i дабрачынныя, графiня расказала пра
выпадак у прытулку i пра тое, як растлумачвала яго манашка.
Саветнiк, слухаючы графiню, таксама пранiкся незвычайным пачуццём i, як
быстрэйшы ў думаннi, вырашыў, што трэба было б паслаць сiротам кнiжак.
Прыгадаў нават, што ў шафе цi ў скрынi тлее ў яго мноства друкаванага слова,
якое ён купляў калiсьцi сваiм дзецям... Аднак пан саветнiк быў зацяжкi, каб
корпацца ў нейкай старызне.
Увечары саветнiк быў у пана З., усё жыццё якога праходзiла ў аддаваннi
дробных паслуг чалавецтву, асаблiва яго нiжэйшым пластам. Хочучы зрабiць
прыемнасць пану З., саветнiк расказаў яму, што графiня ўбачыла ў прытулку i
пачула там ад манашкi, дадаўшы са свайго боку, што варта было б пастарацца пра
кнiгi для сiрот.
- Ды гэта ж прасцей за ўсё! - выгукнуў пан З. - Зайду заўтра ў рэдакцыю
"Кур'ера" i паўплываю на iх, каб зрабiлi аб'яву.
Назаўтра пан З. прыбег, задыханы, у рэдакцыю, на прамiлы бог просячы, каб
яна заклiкала грамадскасць ахвяроўваць кнiгi для сiрот.
Ён трапiў вельмi дарэчы, бо ў нумары якраз не хапала некалькi радкоў з
якой-небудзь сенсацыйнай весткай. I таму рэферант чуллiвага аддзела прысеў i
напiсаў:
"Чародка дзяцей, якiмi апякуецца грамадскасць, пакутуе ад недахопу кнiг.
Малеча тужыць. Памятайце пра душы галодных!"
Праз некалькi дзён, у нядзелю, каля зачыненых дзвярэй рэдакцыi я сустрэў
бедна апранутага чалавека, з рукамi чорнымi, як у камiнара, з худой
дзяўчынкай, што трымала пакунак старых кнiг.
- Чаго вы хацелi?
Чалавек зняў шапку i нясмела адказаў:
- Мы, проша пана, прынеслi некалькi кнiжак для тых галодных, што вы пiсалi
пра iх...
А худая дзяўчынка зрабiла кнiксен i зачырванелася, наколькi гэта дазволiла
ёй малакроўе.
- Як вас завуць? - спытаўся я ў чалавека, узяўшы тыя кнiгi.
- А навошта вам гэта? - спытаўся ён разгублена.
- Павiнны ж мы надрукаваць, хто кнiгi даў.
- Ой, не трэба! Я ж бедны чалавек з капялюшнай фабрыкi... Не, не трэба...
I ён пайшоў са сваёю благенькай дачкой.
Побач са мной стаяў вучоны, прафесар фiзiкi, i таму, вiдаць, мне прыйшоў
на думку тэлеграф зусiм новай канструкцыi.
Галоўнай станцыяй быў сiрочы прытулак, бакавой - рабочы з капялюшнай
фабрыкi; калi адзiн даў сiгнал "увага", другi адразу ж адказаў. Калi адзiн
пажадаў, другi - прынёс.
А мы, усе iншыя, выконвалi функцыю тэлеграфных слупоў.