Прус Болеслав - На Вакацыях (На Белорусском Языке)
Баляслаў Прус
На вакацыях
Пераклад: Янка Брыль
Увечары, як заўсёды, да мяне прыйшоў мой школьны сябар. Абодва мы жылi ў
вёсках, некалькi вёрст адзiн ад аднаго, i бачылiся амаль штодня. Гэта быў
прыгожы бландзiн, лагодныя вочы якога маглi заваражыць не адну жанчыну. Мяне
прываблiваў яго непарушны спакой i цвярозы розум.
У гэты дзень я заўважыў, што яму нешта дакучае: глядзеў ён у зямлю i
неспакойна пасцёбваў дубцом па нагах. Мне было нязручна пытацца, што так
хвалюе яго, ды вось ён сам пачаў:
- Ведаеш, у мяне быў сёння дурны выпадак.
Я здзiвiўся: амаль зусiм неверагодна было, каб "дурны выпадак" здарыўся з
чалавекам, якi так умеў валодаць сабою.
- У нас, - гаварыў ён далей, - быў сёння ўраннi пажар. Згарэла хата...
- А ты, вiдаць, кiнуўся ў агонь? - перапынiў я яго трохi кплiва.
Ён перасмыкнуў плячыма i, здалося мне, злёгку зачырванеўся; зрэшты, можа,
гэта ад бляску сонца, якое заходзiла.
- Загарэлiся, - сказаў ён, памаўчаўшы, - каноплi на гарышчы, а за iмi i
страха. Я чытаў якраз вельмi цiкавы раздзел у Сэя, аднак, калi я ўбачыў чорны
дым, што вiўся клубамi, i языкi полымя, што прабiвалiся цераз шчылiны ў
комiне, мяне ахапiла абывацельская цiкаўнасць i я павалокся туды. Людзi былi
на працы, на пажар з'явiлася некалькi чалавек: дзве бабы, што лямантавалi на
бяду, арганiсцiха, якая адпалохвала пажар абразом святога Фларыяна, i
дзядзька, што раздумваў, аберуч трымаючы пустое вядро. Ад iх я пачуў, што хата
на замку, бо гаспадар з гаспадыняй у полi.
"Вось яна, наша сiстэма будаўнiцтва!.. - падумаў я. - Дом палае, як набiты
порахам..."
I сапраўды, праз момант уся страха ўзнялася слупам полымя. Дым лез у вочы,
а агонь прыпякаў так моцна, што я, каб не ўзяўся пiнжак, павiнен быў адысцiся
крокаў на некалькi.
Тым часам прыбегла больш людзей, з бусакамi, сякерамi i вадой. Адны пачалi
абарочваць плот, якому нiчога не пагражала, другiя лiлi ваду такiм чынам, што
на агонь яна не трапляла, некалькi чалавек былi ўжо мокрыя з ног да галавы, а
бабу адну павалiлi. Я iм нiчога не казаў, бо вiдно было, што далейшым будынкам
нiчога не пагражае, а хату ўжо не ўратаваць.
Ды раптам хтосьцi закрычаў:
- Там жа дзiця, маленькi Стасiк!..
- Дзе? - спытаўся хтосьцi другi.
- У хаце, спiць у ночвах каля акна... Выбi каторы шкло, дык жывога яшчэ
выцягнеш...
Аднак нiхто не варушыўся. Салома на страсе ўжо згарэла, а кроквы i латы
жарылiся, як распалены дрот.
Прызнаюся, калi я пачуў гэта, сэрца маё здрыганулася, як нiколi.
"Калi нiхто не iдзе, - падумаў я, - пайду туды... Каб уратаваць малога,
спатрэбiцца паўхвiлiны. Часу - аж занадта, аднак - страшэнная гарачыня!.."
- Ды варухнiцеся ж вы каторы! - крычалi бабы. - Ах вы, сабачыя душы, а
яшчэ мужчыны называюцца!..
- Сама лезь у агонь, калi такая разумная! - агрызнуўся хтосьцi з натоўпу.
- Там чалавеку адразу канец, а малое, што кураня, i так ужо зайшлося...
"Малайчына, - падумаў я пра самога сябе. - Нiхто не iдзе, а я ўсё вагаюся!
А зрэшты, - падказала мне шэптам развага, - якога чорта лезцi ў дарэмную
авантуру?.. Або ж я ведаю, дзе ляжыць дзiця?.. Можа, вывалiлася з начовак?.."
Бэлькi перагаралi ўжо i пачалi з глухiм патрэскваннем выгiнацца.
"Аднак трэба ўрэшце прабрацца туды, - думаў я, - кожная хвiлiна дарагая.
Дзiця не павiнна ўсё-такi згарэць, як чарвяк... А калi яно ўжо гатова? - зноў
падказала развага. - У такiм выпадку шкада нават пiнжака..."
Здалёк пачуўся страшэнны жаночы крык:
- Ратуйце дзiця!..
- Трымайце яе! - пачуўся крык у адказ. - Палезе ў агонь i заг