Прус Болеслав - Антэк (На Белорусском Языке)
Баляслаў Прус
Антэк
Пераклад: Янка Брыль
Антэк нарадзiўся ў вёсцы над Вiслай.
Вёска стаяла ў невялiкай далiне. З поўначы яе акружалi адхонныя ўзгоркi,
на якiх шумеў сасновы лес, а з поўдня ўзгоркi гарбатыя, парослыя ляшчэўнiкам,
цёрнам i шыпшынай. Там найзванчэй спявалi птушкi, i туды найчасцей вясковыя
дзецi хадзiлi рваць арэхi ды апаражняць птушыныя гнёзды.
Спынiўшыся пасярэдзiне вёскi ды паглядзеўшы на тыя ўзгоркi, можна было
падумаць, што абедзве грады iх бягуць адна да адной, каб сутыкнуцца там, дзе
ўраннi ўстае чырвонае сонца. Аднак гэта iлюзiя.
Бо за вёскай памiж узгоркамi - далiна, перарэзаная рачулкай i ўкрытая
зялёным лугам.
Там пасвiлi жывёлу, i там цыбатыя буслы палявалi на жабаў, што квакаюць
вечарамi.
З захаду вёску асланяла плацiна, за якой была Вiсла, а за Вiслай зноў
вапенныя, голыя ўзгоркi.
Каля кожнай сялянскай хаты, пакрытай шэрай страхой, быў садок, а ў садку
тым слiвы-венгеркi, памiж якiх вiднеўся чорны ад сажы комiн i пажарныя
драбiны. Такiя драбiны ўвялi нядаўна, i людзi думалi, што яны будуць ахоўваць
хаты ад пажару лепш, чым раней ахоўвалi ад яго буслянкi. I таму, калi гарэла
якая-небудзь будынiна, сяляне вельмi здзiўлялiся, аднак не ратавалi яе.
- Вiдаць, такая ўжо на гэтага чалавека божая воля, - гаварылi яны памiж
сабой. - Згарэў, хоць i былi ж у яго новыя драбiны, дый штраф заплацiў за
старыя, у якiх былi пялы паломаны.
У такой вёсцы нарадзiўся Антэк. Палажылi яго ў непафарбаванай калысцы, што
засталася па нябожчыку браце, i хлопец спаў у ёй два гады. Пасля нарадзiлася
сястра, Разалiя, прыйшлося ўступiць ёй месца, а самому, асобе ўжо дарослай,
перайсцi на лаву.
Увесь гэты год ён калыхаў сястру, а ўвесь наступны - знаёмiўся са светам.
Аднойчы ўвалiўся ў рэчку, другiм разам праезджы фурман сцебануў яго пугай за
тое, што ледзь не трапiў коням пад ногi, а трэцi раз сабакi так пакусалi
малога, што ён два тыднi праляжаў на печы. Вопыту сабралася багата. Затое на
чацвёртым годзе жыцця бацька падарыў яму сваю суконную камiзэлю з медным
гузiкам, а мацi - загадала насiць сястру.
Калi Антэку споўнiлася пяць гадоў, трэба ўжо было пасвiць свiней. Ды ён не
вельмi да iх прыглядаўся. Значна цiкавей было глядзець на другi бераг Вiслы,
дзе за вапенным узгоркам раз-поразу паказвалася штосьцi высокае i чорнае. Яно
вылазiла з левага боку, як з-пад зямлi, iшло ўгару i ападала направа. За
першым iшло адразу ж другое i трэцяе, таксама чорнае i высокае.
Тым часам свiннi, па свайму звычаю, улезлi ў бульбу. Заўважыўшы гэта, мацi
так пахадзiла каля Антэкавай суконнай камiзэлi, што хлопцу ажно дух адразу
заняло. Аднак таму, што ў душы яго не было лiшняй зацятасцi, што хлопец быў ён
добры, Антэк пакрычаў, патузаў сваю камiзэлю, а тады спытаўся:
- Матуля, а што гэта такое чорнае ходзiць за Вiслай?
Мацi зiрнула ў той бок, куды малы паказваў пальцам, i адказала:
- Там за Вiслай? Ты што, не бачыш, што гэта круцiцца вятрак? Ты вось
свiней лепш глядзi, а то другi раз крапiвою насяку.
- А той, матуля, вятрак - ён хто?
- Ат, дурнiца, - адказала мацi i пабегла на сваю работу. Дзе там ёй таго
часу ды розуму ўзяць, каб гаварыць пра ветракi!..
А той вятрак не даваў хлопцу спакою. Бо Антэк бачыў яго штодня. I ноччу
снiў яго. Такая страшная вырасла ў малым цiкавасць, што аднойчы ён ушыўся на
паром, якi перавозiў людзей на той бок ракi, i падаўся за Вiслу.
Пераплыў, узлез на вапенную гару, якраз у тым месцы, дзе вiсела аб'ява,
што тут не можна хадзiць, i ўбачыў вятрак. Будынак гэты здаўся яму падо