Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Нэш Огден - Вершы (На Белорусском Языке)


Огдэн Нэш
Вершы
Пераклад: Алена Таболiч
Ластаўка
Ты помнiш, ластаўка, мяне?
Сядзела ты на комiне,
Клубком чорным скацiлася,
Аб прыпек разбiлася.
У роспачы раскрыўшы дзюбку,
Магла патрапiць проста ў грубку.
Пасля лячыў цябе, кармiў,
Ды йзноў на волю адпусцiў.
Як бы хацеў з табой ляцець,
Каб свет ўвесь белы паглядзець!
Зiмовы ранак
Зiма - каралева чараў,
З дрэў нарабiла пачвараў.
Пасыпала цукрам палi.
Гараць снегiры у галлi.
Чыста паўсюль i марозна,
Здаецца, ўсё есцi можна,
Чарнеюць кусты, як разынкi.
Кружляюць наўкола сняжынкi.
Снег сняжысты як сняжыць,
Але ж доўга не ляжыць!
Вальс кветак
Вальс загучаў. Выпадак рэдкi -
На баль прыйшлi сябрынай кветкi.
Праз арку можна ўбачыць нат,
Як ажывiўся цiхi сад.
Ад колераў прымружваў вочы -
Танцуюць кветкi аж да ночы.
Iмчацца, падаюць, мiргаюць
I далiкатна так лятаюць,
Што i сукенка не парвецца,
Калi з партнёрам сутыкнецца.
Валошка раптам рытм згубiла -
Званку на ногу наступiла.
За ёю браткi паняслiся,
Пасля за рукi узялiся.
Танцуюць, кружацца, смяюцца,
У карагодзе ўжо нясуцца,
У карагодзе летуценняў -
Шчаслiвых, радасных iмгненняў.





Содержание раздела