Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Мориак Франсуа - Тэрэза Дэскейру (На Белорусском Языке)


Франсуа Марыяк
Тэрэза Дэскейру
Раман
Пераклад: Леанiд Казыра
Божа, злiтуйся над аблуднымi мужчынамi i жанчынамi! О, Божа, няўжо могуць
iснаваць пачвары перад лiкам тваiм...Ты, адзiны, хто ведае, чаму яны iснуюць,
як сталi яны такiмi i як маглi яны ўратаваць сябе...
Шарль Бадлер
Тэрэза... Многiя скажуць, што цябе няма. Але я добра ведаю: ты ёсць. Шмат
гадоў я сачу за табой, часта спыняю цябе на дарозе i зрываю з цябе маску.
Памятаю, яшчэ юнаком убачыў я твой бледны тварык з тонкiмi губкамi ў
душнай судовай зале. Ты была сярод адвакатаў. Расфуфыраныя дамы жорстка
ўпiвалiся ў цябе позiркамi. Болей жорстка, чым тыя, хто збiраўся судзiць цябе.
Потым, у вясковым маёнтку, ты з'явiлася перада мной у вобразе маладой
нервовай жанчыны, якой абрыдзелi клопаты старых сваякоў i прастадушнага мужа.
А тыя даўмецца не маглi.
- Што гэта з ёю робiцца? Мы ж далi ёй усё, што трэба для шчасця!
Колькi разоў пасля таго зачаравана назiраў я, як ты прыкладвала да
прыгожага твару сваю крыху велiкаватую руку! Колькi разоў глядзеў я праз жывыя
краты клеткi, што завецца сям'ёй, як ты пакутуеш там, нiбы ваўчыца ў няволi. I
я лавiў тады на сабе твой злосны, сумны позiрк.
Многiя будуць дзiвiцца, як мог я стварыць вобраз, яшчэ больш агiдны, чым
мае астатнiя героi. Няўжо мне нiколi так i не давядзецца гаварыць пра людзей
велiкадушных, дабрачынных, пра людзей з адкрытай душой. Аднак "душы
наросхрыст" не маюць трагiчных гiсторый. А боль душ замкнутых, прыкаваных да
грэшнага цела, мне добра вядомы.
Мне хацелася б, Тэрэза, каб твае пакуты, прывялi цябе да Бога, каб ты была
вартая iмя святой Лакусты*. Але многiя з тых, хто верыць у падзенне i водкуп
нашых змучаных, загубленых душ, пачалi б тады крычаць пра святатацтва...
* Лакуста (? - 68 - вядомая атручальнiца ў старажытным Рыме. Атруцiла
iмператара Клаўдзiя i яго сына Брытанiка. (Тут i далей - заўвагi
перакладнiка.)
Ва ўсякiм разе, я спадзяюся, што ты не адзiнокая на тым тратуары, дзе я
развiтаўся з табой.
I
Адвакат адчынiў дзверы. Цёмны бакавы калiдор будынка суда напоўнiўся
сырасцю. Тэрэза не спяшалася выходзiць i прагна ўдыхнула ў сябе свежае асенняе
паветра. Яна баялася, што там, на дварэ, яе чакаюць. Чалавек з настаўленым
каўняром адышоў ад платана: яна пазнала бацьку. Адвакат гучна сказаў яму:
"Справа спынена. Саставу злачынства няма", i да Тэрэзы:
- Вы можаце выйсцi: тут нi адной душы.
Яна спусцiлася па мокрых прыступках. Сапраўды, на маленькай плошчы нiкога
не было. Бацька не абняў яе i нават не паглядзеў у яе бок. Ён пачаў распытваць
у адваката Дзюро. Той адказваў цiха, нiбы баяўся, што iх падслухаюць. Да
Тэрэзы даляталi абрыўкi размовы:
- Заўтра я атрымаю афiцыйную пастанову суда.
- А што, нiякiх сюрпрызаў ужо не будзе?
- Не. Усё ў парадку.
- Я думаю, паказанне майго зяця выратавала становiшча.
- Выратавала... выратавала... У такiх справах нiколi не ведаеш...
- Але, раз ён сам прызнаўся, што нiколi не лiчыў кропель, прымаючы
лякарствы...
- Ведаеце, Лярок, у падобных выпадках паказаннi ахвяры...
Пачуўся Тэрэзiн голас:
- Нiякай ахвяры не было!
- Я хацеў сказаць, мадам, ахвяры сваёй уласнай неасцярожнасцi.
Позiркi абодвух мужчын на нейкi момант спынiлiся на нерухомай фiгуры
маладой жанчыны, зацiснутай у палiто, на яе бледным, абыякавым твары. Тэрэза
папыталася, дзе стаiць iх экiпаж. Бацька сказаў, што загадаў фурману чакаць за
горадам, на дарозе ў Бюдо, каб не прыцягваць да сябе лiшняй увагi.
Яны перайшлi цераз плошчу. На мокрых лаўках валялася апалае лiсце





Содержание раздела