Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Лонг - Пастушыная Гiсторыя Пра Дафнiса I Хлою (На Белорусском Языке)


Лонг
Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою
Пераклаў Анатоль Клышка
УСТУП
На Лесбасе, палюючы, я ўбачыў у гаi, прысвечаным нiмфам, найпрыгажэйшае
вiдовiшча, якое калi-небудзь бачыў: маляўнiчую выяву, гiсторыю аднаго кахання.
Прыгожы быў i сам гай - шмат дрэў, поўна кветак, удосталь вады: адна крынiца
ўсё жывiла, i кветкi, i дрэвы; але прывабнейшы быў абраз - тут i адменнае
майстэрства, i праўда кахання; так што i шмат чужаземцаў, прачуўшы пра яго
славу, iшло сюды, нiмфам малiлiся, абразам дзiвiлiся. А на iм жанчыны - адны
нараджаюць, другiя - немаўлят у пялёнкi завiнаюць; дзецi пакiнутыя i авечкi ды
козы, што кормяць iх, пастухi, што дзяцей да сябе прымаюць, маладыя, што ў
шлюб уступаюць, напад разбойнiкаў, уварванне захопнiкаў. Шмат iншага, але ўсё
пра каханне бачыў я i здзiвiўся, i прага мяне агарнула паспрачацца ў выяве з
тым абразом. I, знайшоўшы таго, хто мне змог вытлумачыць абраз, вышчыраваў я
чатыры кнiгi ў ахвяру Эрасу, нiмфам i Пану, у дарунак усiм людзям на ўцеху:
хворага вылечыць, зажуранага суцешыць, таму, хто ўжо кахаў, згадкi абудзiць,
таго, хто яшчэ не кахаў, навучыць.
Бо ўвогуле нiхто ж ад кахання не ўцёк i не ўцячэ, пакуль ёсць краса i вочы
бачаць. Нам жа хай дасць бог у ясным розуме каханне iншых людзей апiсаць.
КНIГА ПЕРШАЯ
1
Горад на Лесбасе ёсць - Мiтылена, вялiкi, прыгожы; яго разразаюць каналы,
яго аздабляюць масты з часанага белага каменю. Можна падумаць, што бачыш не
горад, а выспу. Ад гэтага горада Мiтылена прыблiзна за стадыяў дзвесце быў
маёнтак аднага багацея. Цудоўнае ўладанне: дзiчына ў гарах, пшанiца ў палях,
вiнаградная лаза на пагорках, чароды авечак, коз на пашах, i мора набягае на
мяккi пясок разлеглага ўзбярэжжа.
2
У гэтым маёнтку казапас, на iмя Ламан, пасвячы, знайшоў дзiця, якое
кармiла адна з яго коз. Быў там лес i гушчар з цярнiны, якую абвiваў плюшч, ды
мяккая трава, на ёй i ляжала дзiця. Сюды ўпотай усё бегала каза, знiкаючы i
пакiдаючы сваё казлянятка, абы пабыць з немаўлём. Згледзеў Ламан, што яна
бегае туды i назад, шкада ж яму было пакiнутага казлянятка; i аднаго разу ў
самы поўдзень падаўся ён услед за ёю назiркам i бачыць, як каза асцярожна
пераступае цераз дзiця, каб не пашкодзiць яго капытцамi, i як малое, нiбы з
матчынай цыцы, ссе струменiстае малако. Поўны здзiўлення, ён, вядома,
падыходзiць блiжэй i знаходзiць хлопчыка, моцнага i прыгожага, i пры iм рэчы,
зараскошныя як на долю падкiдыша: было там коўдзерка пурпуровае, зашпiлька
залатая i ножык з тронкам са слановай косцi.
3
Спярша ён намерыўся забраць толькi прыкметныя знакi, не турбуючыся пра
малога; але пасля засаромеўшыся, што з казою i то не зраўняўся ў
спагадлiвасцi, i дачакаўшыся ночы, прыносiць усё да свае жонкi Мiрталы - i
прыкметныя знакi, i дзiця, i самую казу. Жонка здзiвiлася, што козы прыводзяць
на свет i хлапчукоў, але ён усё расказаў, як знайшоў падкiнутага, як бачыў,
што дзiця ссала казу, як сорамна стала кiнуць яго на пэўную смерць. Яна з iм
згадзiлася, яны хаваюць усё, што ляжала пры iм пакiнутае, а дзiця прызнаюць
сваiм i аддаюць казе кармiць яго. I каб iмя дзiцяцi здавалася пастушыным,
вырашылi назваць яго Дафнiсам.
4
Ужо два гады мiнула, i вось пастух на iмя Дрыяс, што пасвiў на памежных
лугах, натыкаецца на такую ж праяву i знайду.
Была тут пячора нiмфаў - вялiкая скала, усярэдзiне пустая, а зверху
акруглая. Статуi ж самiх нiмфаў былi зроблены з каменю: ногi босыя, рукi да
плячэй голыя, валасы распушчаныя на шыю, павязка на паяснiцы, усмешка ў вачах;
а ў





Содержание раздела