Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Кафка Франц - Вершнiк На Скрынi (На Белорусском Языке)


Франц Кафка
Вершнiк на скрынi
Пераклад: Лявон Баршчэўскi
Увесь вугаль спалены, скрыня парожняя, шуфель непатрэбны, халоднае дыханне
печы, пакой, выдзьмуты холадам, за акном застылыя ў шэранi дрэвы, неба -
срэбны шчыт, абарона ад таго, хто прагне дапамогi. Мне трэба трохi вугалю: не
замярзаць жа насмерць; за маёй спiнай бязлiтасная печ, перад вачыма - гэткае
самае неба; якраз таму я мушу iмчаць наўскапыта памiж iмi i, спынiўшыся
пасярэдзiне, прасiць дапамогi ў гандляра-вугальшчыка. Да маiх звыклых просьбаў
ён, аднак, ужо зусiм абыякавы - я павiнен яму давесцi, пераканаць яго, што ў
мяне ўжо больш няма анi драбiнкi вугалю i што адно з гэтае прычыны ён - гэта
маё сонца на небе. Я мушу прыйсцi, як жабрак, якi, хрыпла стогнучы з голаду,
канае пад парогам багатай сядзiбы i якому гаспадарова кухарка ўсё-такi
наважваецца адлiць трохi з рэшткаў вячэрняе кавы, - гэтаксама i вугальны
гандляр, раззлаваны, але, памятаючы пра "не забi", ён павiнен укiнуць мне ў
скрыню шуфель-другi.
Вырашыць усё можа тое, як я з'яўлюся, - таму я еду верхам на скрынi.
Асядлаўшы скрыню, рукою ўверсе трымаючыся за ручку - самую простую лейчыну, -
я з цяжкасцю ссоўваюся па сходах унiз, але на вулiцы скрыня мая паднiмаецца
ўгару; цудоўна, цудоўна! Вярблюды пад павадыровым кiем не змаглi б прыгажэй
устаць з зямлi. Па прамерзлым завулку iмчу роўнаю рыссю, раз-пораз узлятаючы
да другога паверха i нi разу не знiжаючыся да дзвярэй. I найвышэй я ўзлятаю
перад скляпеннем гандляровай пiўнiцы, дзе ён вунь якраз прысеў каля
невялiчкага стала i нешта сабе пiша; а каб уседзець у гэтай гарачынi, нават
адчынiў дзверы.
- Гэй, гандляр! - крычу я выстылым на марозе голасам, хапатлiва дыхаючы, а
праз гэта - увесь у воблаках пары. - Калi ласка, гандляр, дай мне трошкi
вугалю. Мая скрыня ўжо такая пустая, што я магу на ёй ездзiць верхам. Будзь
такi ласкавы. Як толькi змагу, я заплачу табе за ўсё.
Гандляр настаўляе руку каля вуха.
- Што я чую? Цi не памыляюся? - пытаецца ён праз плячо ў сваёй жонкi,
якая, седзячы на прымурку, нешта робiць на прутках. - Цi не памыляюся? Клiент.
- Я нешта нiчога не чую, - адказвае кабета, спакойна дыхаючы над пруткамi,
добра нагрэтая ў спiну.
- Вядома ж, - крычу я. - Гэта я, той самы ваш даўнi i верны клiент; толькi
вось сёння няма нi шэлега ў кiшэнi.
- Жонка, - гаворыць гандляр, - нехта там ёсць. Я не магу тут намылiцца.
То, мусiць, даўнi, вельмi даўнi клiент - той, што ўмее так пранiклiва
прамаўляць да сэрца...
- Што ў цябе? - кажа кабета, кiдаючы на хвiлю работу i прыцiскаючы вязанне
да грудзей. - Нiкога там няма, на вулiцы пуста, усiх нашых клiентаў мы
забяспечылi; нам можна на некалькi дзён зачынiць краму i крыху перадыхнуць.
- Але ж я сяджу тут, на скрынi, - крычу я да iх, i нячулыя слёзы халоднай
зiмы засцiлаюць мне вочы. - Прашу вас, паглядзiце ўгору, i вы адразу мяне
ўбачыце. Мне трэба ўсяго адзiн шуфель, а калi насыплеце два, дык шчасцю майму
не будзе мяжы. Вы ж усiм астатнiм насыпалi... Ах, я ўжо чуў, як ён, вугаль,
грукоча ў маёй скрынi!
- Iду, iду, - кажа гандляр i хоча на сваiх кароткiх нагах узлезцi па
сходах, ды жонка ўжо стаiць побач i трымае яго за руку, кажучы:
- Стой, куды? А будзеш упарцiцца, дык я сама паднiмуся. Успомнi, як сёння
ноччу кашляў. А з-за гешэфту, хай сабе i ўяўнага, ты забываешся на жонку i
дзiця i нiшчыш свае лёгкiя. Я сама пайду.
- Тады назавi яму ўсе гатункi, што ёсць у нашых сховах; а колькi якi
каштуе, я табе скажу пасля.
- Добра, - адказвае жанчына i паднiмаецца ў зав





Содержание раздела