Камю Альбер - Падзенне (На Белорусском Языке)
Альбэр Камю
Падзенне
Пераклаў Змiцер Колас
Прабачце, пане, вы не палiчыце за назойлiвасць, калi я прапаную вам свае
паслугi? Бо iначай, баюся, вам не ўдасца згаварыцца з гэтым шаноўным гарылаю,
што кiруе лёсам у тутэйшай карчомцы. На жаль, ён размаўляе толькi
па-галандску. I калi вы не дазволiце мне растлумачыць яму ваш iнтэрас, ён
наўрад цi здагадаецца, што вы хочаце выпiць ядлаўцовай гарэлкi. Ну вось,
асмелюся спадзявацца, ён мяне зразумеў; тое, як ён кiўнуў галавой, павiнна
азначаць, што мае довады яго пераканалi. Бачыце? Сапраўды - пайшоў, i нават
спяшаецца, але з якою ўмудронаю сталасцю ён гэта робiць! Вам, трэба сказаць,
пашанцавала - ён не забурчаў. Бо калi ён хоча адмовiць клiенту, яму досыць
буркнуць, i настойваць ужо нiхто не рашаецца. Лiчыцца толькi з сваiм гуморам -
прывiлей вялiкiх звяроў. Але дазвольце адвiтацца, быў вельмi рады вам
дагадзiць. О, што вы, што вы, пане, я вам вельмi ўдзячны i з прыемнасцю прыняў
бы гэтае запрашэнне, але баюся, што i так ужо надакучыў вам. Вы вельмi
прыязны. Што ж, стаўлю свой кiлiшак побач з вашым.
Ваша праўда, яго маўклiвасць проста аглушае. Яна падобна да цiшынi
вячыстых лясоў, пагрозлiвай, як гармата, зараджаная па самае жарало. Часам
мяне здзiўляе, як упарта наш пануры сябар грэбуе цывiлiзаванымi мовамi. Бо яго
ж рамяство - якраз у тым, каб прымаць у гэтым амстэрдамскiм бары - якi ён,
дарэчы, д'ябал ведае чаму, назваў "Мехiка-Сiцi" - маракоў з усяго свету. З
такiм заняткам яго невуцтва, як бы мовiць, не надта стасуецца, вы не лiчыце?
Уявiце сабе краманьёнца, якi трапiў у Вавiлонскую вежу! Той, прынамсi,
смуткаваў бы па родных мясцiнах. А гэты - не, гэты зусiм не адчувае сябе ў
выгнаннi, ён спакойна iдзе сваёю дарогай, яго нiчога не абыходзiць. Адзiн з
тых рэдкiх выразаў, якiя я чуў ад яго, зводзiўся да таго, што, маўляў, хочаш -
пагаджайся, не хочаш - не мяшайся. З чым трэба пагаджацца, у што не мяшацца?
Тут наш сябар, несумненна, меў на ўвазе самога сябе. Прызнаюся, мяне заўсёды
вабiлi такiя натуры, нiбыта высечаныя з суцэльнай глыбы. Калi паводле прафесii
цi прызвання шмат разважаеш пра людзей, здараецца часам адчуваць пэўную
настальгiю па прыматах. Ужо ў iх не было прыхаваных думак.
Праўда, у нашага гаспадара, хоць ён i сам толькi цьмяна здагадваецца пра
гэта, але такiя ўсё ж маюцца. У яго, ведаеце, вельмi недаверлiвы нораў, а ўсё
таму, што ён абсалютна нiчога не разумее, што пры iм кажуць. Адсюль i такая
пахмурна-паважная пыса - нiбы ён, прынамсi, займеў падазрэнне, што ў чалавечым
грамадстве не ўсё iдзе гладка. Калi ў чалавека такi настрой, з iм не надта
лёгка гутарыць пра тое, што не тычыцца яго рамяства. Дарэчы, зiрнiце на тую
сцяну, углыбiнi, - бачыце, над самай яго галавой квадрат, нiбы там вiсела
карцiна. А там, сапраўды, раней вiсела карцiна, i вельмi цiкавая, сапраўдны
шэдэўр. Дык вось, я быў сведка таго, як тутэйшы гаспадар яе набыў i як потым
збыў. У абодвух выпадках гэта рабiлася з аднолькавай падазронасцю, пасля
некалькiх тыдняў перадумвання i перажоўвання. З гэтага пункту погляду
грамадства, трэба прызнаць, крыху папсавала некранутую прастату ягонай натуры.
Заўважце, я зусiм не папракаю яго. Я нават паважаю ў iм гэтую
абгрунтаваную недаверлiвасць i з ахвотаю падзялiў бы яе, каб мне не замiнала,
як вы самi маглi пераканацца, мая прыродная таварыскасць. На жаль, я балбатун
i вельмi лёгка сыходжуся з людзьмi. Праўда, я ўмею трымаць прыстойную
дыстанцыю, але каб пазнаёмiцца, любы выпадак лiчу прыдатным. Калi я жыў у
Францыi, я