Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Камю Альбер - Ёна, Або Мастак За Працай (На Белорусском Языке)


Альбэр Камю
Ёна, або Мастак за працай
Пераклаў Змiцер Колас
Кiньце мяне ў мора... бо я ведаю, што праз мяне спасцiгла вас гэта вялiкая
ветранiца.
Ёна, 1, 12.
Мастак Жыльбэр Ёна верыў у сваю зорку. Зрэшты, апроч яе, ён больш не верыў
нi ў што, хоць i ставiўся з павагай i нават некаторым пакланеннем да
вераванняў iншых. Аднак i яго вера была не без добрага зерня, бо дапускала
невыразную здагадку, што ўсё, чым надзяляе яго лёс, даецца яму без нiякай
заслугi. I таму, калi ва ўзросце амаль трыццацi пяцi гадоў ён заўважыў, што за
гонар быць першым, хто выявiў яго талент, раптам пачаў спрачацца добры
дзесятак крытыкаў, гэта яго зусiм не здзiвiла. Такi спакой некаторыя
прыпiсвалi яго самадзейнасцi, а ён - наадварот, тлумачыўся даверлiвай
сцiпласцю i прастатой. Ёна шанаваў сваю зорку больш, як свае заслугi.
Крыху большым было яго здзiўленне, калi нейкi гандляр карцiнамi прапанаваў
яму сталы месячны заробак, якi вызваляў бы мастака ад усiх клопатаў. Дарма
архiтэктар Рато, якi яшчэ з лiцэйскiх гадоў быў прыхiльнiкам Ёнавай зоркi,
даводзiў, што гэты заробак наўрад цi дазволiць яму жыць па-людску - гандляр
тут нiчога не трацiць... "I ўсё ж", - адказваў Ёна. Рато, якi дабiваўся ўсяго,
чаго хацеў, толькi сваiм мазалём, ушчуваў сябра: "Што - i ўсё ж? Трэба ж
спрачацца!" Але нiчога не выйшла. У думках Ёна дзякаваў свайму лёсу. "Хай
будзе па-вашаму", - сказаў ён гандляру. I пакiнуў працу ў бацькавай друкарнi,
каб цалкам аддацца жывапiсу. "Мне проста шанцуе", - казаў ён.
I ён сапраўды думаў: "Мне шанцуе ва ўсiм". Скрозь усё жыццё, якое толькi
ён мог узнавiць у памяцi, ён паўсюль заўважаў, як спрыяў яму лёс. Ён адчуваў
цёплую ўдзячнасць сваiм бацькам - перш за ўсё таму, што яны не вельмi зважалi
на яго выхаванне i гэта пакiдала яму шмат вольнага часу на летуценнi; i
па-другое - таму, што яны разышлiся з прычыны здрады. Прынамсi, такую падставу
ў гэтым бачыў Ёнаў бацька. Ён, праўда, забыўся ўдакладнiць, што здрада гэтая
была даволi незвычайная: ён проста не пераносiў дабрачыннасцi сваёй жонкi,
якая, як сапраўдная святая ва плоцi, прыносiла сваё цела ў дар пакутнаму
чалавецтву i не бачыла ў гэтым заганы. Але муж лiчыў сябе адзiным гаспадаром
жончыных вартасцей. "Мне ўжо абрыдла бачыць, як жабракi настаўляюць мне рогi!"
- крычаў гэты сучасны Атэла.
Такое непаразуменне памiж бацькамi аказалася выгадным Ёну. Яго мацi i
бацька, вiдаць, недзе прачытаўшы цi проста пачуўшы, што iснуе мноства
прыкладаў, калi ў разведзеных сем'ях вырастаюць забойцы або садысты, пачалi
наўзахапкi песцiць сваё дзiця, каб у зародку вынiшчыць усялякую магчымасць
такога жахлiвага вынiку. Чым менш выяўлялiся скуткi ўзрушэння, якое, на iх
думку, мусiла адчуць пасля разводу дзiця, тым больш яны пачыналi хвалявацца:
нябачныя раны - асаблiва глыбокiя! I кожны раз, калi Ёна быў задаволены сабою
цi добра праведзеным днём, звычайнае хваляванне бацькоў даходзiла да шалёнай
разгубленасцi. Знакi ўвагi падвойвалiся, i ўсе дзiцячыя жаданнi выконвалiся
раней, чым хлопчык паспяваў iх выказаць.
Нарэшце, гэтая ўяўная бяда падаравала Ёну i адданага брата ў асобе яго
сябра Рато. Ратовы бацькi часта запрашалi ў госцi маленькага лiцэйскага
прыяцеля свайго сына, бо спачувалi хлопчыку ў няшчасцi. Iх жаласлiвыя прамовы
абудзiлi ў сыне, здаравяку атлетычнага складу, жаданне ўзяць пад апеку гэтага
хлапчука, лёгкiя поспехi якога ўжо тады захаплялi Рато. Захапленне i
паблажлiвасць вельмi добра спалучалiся ў iх сяброўстве, якое Ёна, як i ўсё
астатняе, прымаў з падбад





Содержание раздела