Камю Альбер - Госць (На Белорусском Языке)
Альбэр Камю
Госць
Пераклад: Змiцер Колас
Настаўнiк глядзеў, як да школы наблiжалiся двое. Адзiн быў на канi, другi
iшоў пешкi. Яны яшчэ не падышлi да пагорка, на стромым схiле якога тулiлася
школа, i марудна, з цяжкасцю прабiралiся наперад па прыцярушаным снегам
каменнi, раскiданым на неабсяжным абшары высокага i пустэльнага ўзгор'я. Час
ад часу конь спатыкаўся i пырхаў. Гукаў яшчэ чуваць не было, але кожны раз
настаўнiк бачыў, як з конскiх ноздраў вырываюцца воблачкi пары. Адзiн з тых,
прынамсi, ведаў тутэйшыя мясцiны. Яны рухалiся дакладна па сцяжыне, хоць вось
ужо некалькi дзён яна была прыхаваная снегам i гразёю. Настаўнiк разлiчыў, што
на пагорку яны будуць не раней як праз паўгадзiны. Было холадна, ён вярнуўся ў
школу па вязаны нацельнiк.
Ён прайшоў праз пусты i настылы класны пакой. На чорнай дошцы ўжо трэцi
дзень цяклi да сваiх вусцяў чатыры галоўныя ракi Францыi, намаляваныя
каляроваю крэйдай. Снег выпаў у сярэдзiне кастрычнiка, знянацку, раптам,
адразу пасля васьмi месяцаў засухi, хоць перад тым не было нiводнага дажджу.
Дзесяткi два вучняў, што жылi ў навакольных вёсках, рассыпаных па ўзгор'i,
цяпер не прыходзiлi. Трэба было чакаць пагоды. Дару палiў гэтыя днi толькi ў
адным пакоi побач з класам, дзе жыў. За вокнамi, якiя выходзiлi на ўсход,
таксама шырылася ўзгор'е. Толькi адно акно, як i класныя, глядзела на поўдзень
- там, за некалькi кiламетраў ад школы, узгор'е пачынала паступова знiжацца. У
яснае надвор'е адсюль можна было ўбачыць цьмяныя груды скал, за якiмi
адчынялася брама ў пустэльню.
Дару ўжо трошкi сагрэўся i падышоў да акна, адкуль першы раз заўважыў двух
незнаёмцаў. Iх не было вiдаць. Значыць, яны ўжо падымалiся па адхоне. Неба
цяпер было не такое хмурнае, як учора: уначы снег перастаў, i ранiца занялася
шэрым, золкiм святлом. Але добра так i не развiднела. А другой гадзiне, калi
хмары паднялiся вышэй, дзень, можна сказаць, толькi пачынаўся. Зрэшты, i гэта
было добра - мiнулыя тры днi снег валiў суцэльнай сцяной у апраметнай цемры, i
часам падвойныя дзверы ў класе скаланалiся ад рэзкiх удараў ветру. Дару
гадзiнамi сядзеў тады ў сваiм пакойчыку i адно зрэдку выходзiў пад павець, каб
дагледзець курэй цi ўзяць вугалю. На шчасце, за тры днi да навалы грузавiчок з
Таджыда, найблiжэйшай вёскi на поўнач ад школы, прывёз прадукты. Праз сорак
восем гадзiн ён меўся прыехаць iзноў.
Дару, праўда, i так было з чым пераседзець аблогу. У яго маленькiм пакоi
ляжаў таўшчэзны мех пшанiцы, якую кiраўнiцтва пакiнула яму ў запас, каб ён
раздаваў яе вучням з тых сем'яў, што найбольш пацярпелi ад засухi. А пацярпелi
ўсе, бо ўсе яны былi бедныя. Штодзень Дару даваў малым па жменьцы зерня. I
цяпер, у гэтыя лiхiя днi, iм вельмi яго не ставала. Мабыць, увечары прыйдзе
чый-небудзь бацька цi старэйшы брат - тады ён зможа даць зерня iм. Трэба было
неяк перакiдацца да наступнага ўраджаю, пра iншае гаворкi не было. З Францыi
цяпер прыходзiлi караблi са збожжам, i самае цяжкае ўжо засталося ззаду. Але
забыцца на гэтую галечу, на гэтыя натоўпы прывiдаў у рыззi, якiя бадзялiся па
спаленых сонцам, згалелых узгор'ях, дзе глеба трэскаецца i пражыцца ад спёкi,
а камень пад нагой ператвараецца ў пыл, - забыцца на ўсё гэта было немагчыма.
Авечкi тады гiнулi тысячамi, памiралi i людзi - тут i там, паўсюль, хоць
паведамлялi пра гэта не заўсёды.
У гэтай занядбанай школе ён жыў амаль як манах, зрэшты, задаволены сваiм
суровым жыццём i тым малым, што ў яго было. А цяпер, калi паўсюль была такая
галеча, ён на