Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Камю Альбер - Чужанiца (На Белорусском Языке)


Альбэр Камю
Чужанiца
Пераклаў Змiцер Колас
Частка першая
I
Сёння памерла мама. Цi, можа, учора, не ведаю. Я атрымаў тэлеграму з
прытулку: "Сканала мацi. Пахаванне заўтра. Шчыра спачуваем". Тут ладу не
дойдзеш. Мабыць, i ўчора.
Прытулак для састарэлых - у Марэнга, за восемдзесят кiламетраў ад Алжыра.
А другой гадзiне сяду ў аўтобус i надвячоркам буду там. Значыць, змагу
пасядзець ля труны i заўтра ўвечары ўжо вярнуся. Папрасiў у патрона два днi.
Вядома, ён не мог мне адмовiць, калi ўжо такая прычына. Але выгляд у яго быў
незадаволены. Я нават сказаў: "Гэта ж не мая вiна". Ён прамаўчаў. I я падумаў,
што не павiнен быў казаць яму гэтага. Урэшце, мне не было за што перапрошваць.
Бадай, гэта ён павiнен быў мне паспачуваць. Але, вiдаць, ён зробiць гэта
паслязаўтра, калi ўбачыць мяне ў жалобе. А цяпер яшчэ мама нiбы i не памерла.
Вось пасля пахавання - тады ўжо справа будзе ясная, i ўсё пойдзе так, як яно
прынята афiцыйна.
А другой гадзiне сеў у аўтобус. Спёка была страшэнная. А паеў, як
звычайна, у шынку ў Селеста. Яны там усе мяне шкадавалi, i Селест сказаў:
"Мацi ва ўсiх адна". Калi я сабраўся iсцi, усе правялi мяне да дзвярэй. У
галаве была нейкая затлума - яшчэ ж трэба было забегчы да Эмануэля пазычыць
чорны гальштук i жалобную павязку на руку. У яго некалькi месяцаў назад памёр
дзядзька.
Каб не спазнiцца на аўтобус, увесь час бег. I, напэўна, ад гэтага спеху i
беганiны, ды пасля яшчэ - ад трасення па калдобiнах ды агiднага паху бензiну
мяне размарыла, i амаль усю дарогу я праспаў. А калi прачнуўся, аказалася, што
мая галава ляжыць на плячы ў нейкага вайскоўца. Той усмiхнуўся i спытаў, цi
здалёк я еду. Я адказаў: "Ну", - каб болей не размаўляць.
Прытулак быў за два кiламетры ад вёскi. Я пайшоў туды пешкi. Мне хацелася
адразу пабачыць маму. Але брамнiк сказаў, што спачатку трэба сустрэцца з
дырэктарам. Той быў заняты, давялося трошкi пачакаць. Брамнiк увесь час нешта
балбатаў, але нарэшце з'явiўся дырэктар i запрасiў мяне ў кабiнет. Гэта быў
маленькi стары, са стужкай Ганаровага Легiёна ў пятлiцы. Ён зiрнуў на мяне
светлымi вачыма. Потым пацiснуў руку i так доўга яе трымаў, што я ўжо не
ведаў, як яе вызвалiць. Ён зiрнуў у нейкiя свае паперы i сказаў: "Панi Мёрсо
прыйшла да нас тры гады таму. Вы былi яе адзiная падтрымка". Мне здалося, што
ён мяне за штось папракае, i я пачаў быў тлумачыць. Але ён мяне спынiў: "Вам
няма чаго апраўдвацца, мiлае дзiця. Я прачытаў дасье вашай мацi. Вы не маглi
ўтрымлiваць яе. Ёй быў патрэбны догляд. А заробак у вас сцiплы. Урэшце, у нас
яна была шчаслiвейшая". Я сказаў: "Праўда, пане дырэктару". Ён дадаў:
"Ведаеце, у яе тут былi сябры, яе веку. I ў iх былi агульныя iнтарэсы, якiя
ядналi iх з мiнулым. Вы малады, з вамi яна, мусiць, сумавала".
Ён меў рацыю. Калi мама была дома, яна ўвесь час маўчала i адно сачыла за
мной вачыма. А калi апынулася ў прытулку, першыя днi часта плакала. Проста ў
яе не было звычкi. Праз некалькi месяцаў яна б заплакала, каб яе з прытулку
забралi. I зноў жа ад звычкi. Можа, якраз таму ўвесь апошнi год я туды амаль i
не ездзiў. Дый гэта пазбаўляла б мяне нядзелi - я ўжо не кажу пра пакуты з
паездкай на аўтобусе: спачатку купi бiлеты, а пасля трасiся дзве гадзiны.
Дырэктар нешта яшчэ гаварыў. Але я ўжо яго амаль не слухаў. Нарэшце ён
сказаў: "Я думаю, вы хочаце ўбачыць мацi". Я моўчкi ўстаў, i ён прайшоў
наперад да дзвярэй. На лесвiцы ён пачаў тлумачыць: "Мы перанеслi яе ў нашу
маленькую трупярню. Каб не траўмаваць iншых. Кожны раз, як





Содержание раздела