Камю Альбер - Адступнiк, Або Затлумлёны Дух (На Белорусском Языке)
Альбэр Камю
Адступнiк, або Затлумлёны дух
Пераклаў Змiцер Колас
"О, каша! Каша! Трэба навесцi парадак у галаве. З той пары, як яны
адрэзалi мне язык, не ведаю, напэўна, нейкi iншы язык ажыў у маiм чэрапе,
нешта гаворыць ува мне цi нехта, то знянацку змаўкае, то пачынае зноў, о, я
чую, я шмат чаго чую з таго, што ён кажа, але ўвесь час маўчу, каша, i варта
разявiць рот - нiбыта грукоча каменне. Парадак, патрэбен парадак, кажа язык,
але адначасна ён кажа пра iншае, праўда, мне заўжды хацелася парадку.
Прынамсi, пэўна адно: я чакаю мiсiянера, што павiнен мяне замянiць. I вось я
тут, на сцяжыне, за гадзiну ад Тагазы, схаваўся ў патрушчаных скалах, сяджу на
старой стрэльбе. Над пустэльняю днее, яшчэ вельмi халодна, але зараз пачнецца
сквар, гэтая зямля даводзiць да вар'яцтва, i я, за столькi гадоў, якiя няможна
злiчыць... Не! Яшчэ адно намаганне. Гэтым ранкам цi вечарам павiнен прыйсцi
мiсiянер. Я чуў, яны казалi, што ён будзе з павадыром, можа быць, у iх будзе
ўсяго адзiн вярблюд на дваiх. Я буду чакаць, я чакаю, холад, холад - толькi ён
прымушае мяне дрыжаць. Трывай яшчэ крыху, брудны раб!
О, як я ўжо доўга чакаю. Калi я быў там, у сваiх, на гэтым высокiм узгор'i
ў Цэнтральным Масiве, дзе былi гэтае быдла-бацькi, i вiно, i штодня суп на
сале, асаблiва - вiно, кiслае i халоднае, i гэтая доўгая зiма, i ледзяны
сiвер, сумёты, агiдная папараць, о! як я хацеў з'ехаць, кiнуць усё адразу i
пачаць нарэшце жыць - па-сапраўднаму, сярод сонца i светлай вады. Я паверыў
кюрэ, ён гаманiў са мной у семiнарыi, ён цэлыя днi праводзiў са мной, яму не
было куды спяшацца ў тым пратэстанцкiм краi, дзе ён заўсёды iшоў уздоўж сцен,
калi праходзiў па вёсцы. Ён гаманiў са мной пра нейкую будучыню i пра сонца,
каталiцызм - гэта сонца, - казаў ён, i прымушаў мяне чытаць, ён увапхнуў
лацiну ў маю таўсталобую мазгаўню: "Разумнiк, гэты малы, але тугадум", - такую
таўсталобую, што за ўсё жыццё, нягледзячы на ўсе падзеннi, я нi разу не ўцяў
яе так, каб пайшла кроў: "Тупагаловы крэцiн", - казаў мой бацька, гэты парсюк.
У семiнарыi яны былi такiя ганарлiвыя, навiчок з пратэстанцкага краю - гэта
была перамога, калi я прыйшоў, яны глядзелi на мяне, як на сонца над
Аўстэрлiцам. Бледнаватае сонейка, трэба прызнаць, i ўсё праз гарэлку, яны пiлi
гаркавае вiно, i цяпер у iх дзяцей гнiлыя зубы, хр-хр, забiць свайго бацьку,
вось што трэба было, але можна не апасацца, што ён выправiцца сюды з мiсiяй -
ён даўно ўжо здох, кiслае вiно нарэшце прадзiравiла яму чэрава, значыць,
застаецца адно - забiць мiсiянера.
Я маю за што паквiтацца з iм i з яго настаўнiкамi, з маiмi настаўнiкамi,
якiя ашукалi мяне, з усёй гэтай гiдкай Эўропай, мяне ўсе ашукалi. Мiсiя! Ва
ўсiх у iх было адно гэтае слова на вуснах, пайсцi да дзiкуноў i сказаць: "Вось
мой бог, глядзiце на яго, ён нiколi не б'е i не забiвае, ён загадвае мяккiм
голасам, ён падстаўляе другую шчаку, гэта сама вялiкi з усiх багоў, абярыце
яго, зiрнiце, якiм добрым, якiм лейшым за iншых зрабiў ён мяне, зняважце мяне,
i ў вас будзе гэтаму доказ". Але, я даў веры, хр-хр, я адчуваў сябе лепшым, я
памажнеў, быў амаль што прыгожы i прагнуў знявагi. Калi мы шчыльнымi i чорнымi
шэрагамi iшлi пад летнiм грэнобльскiм сонцам i насустрач нам траплялiся
дзяўчаты ў лёгкiх сукенках, я не адводзiў вачэй, я пагарджаў iмi, я чакаў, каб
яны мяне зняважылi, i часам яны смяялiся. Я думаў тады: "Няхай яны мяне
ўдараць, няхай плюнуць у твар", - i iх смех, далiбог, гэта было тое самае,
ашчацiнены зубамi i кпiнамi, ён