Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Де Мопассан Ги - Вяртанне (На Белорусском Языке)


Гi дэ Мапасан
Вяртанне
Пераклад: Сяргей Мурашка
Нiзкiя хвалi аднастайна хвошчуць бераг. Белыя хмаркi таропка бягуць па
бяскрайнiм небасхiле, падхопленыя рэзкiм ветрам, быццам чайкi. А ўнiзе, на дне
лагчыны, якая спускаецца да мора, грэецца на сонцы вёска.
На далёкiм канцы пры дарозе адзiнока стаiць хата Мартэн-Левекаў. Гэта
маленькая рыбацкая мазанка пад страхою з мяцёлкай блакiтнага касачу на
вiльчыку. Да ганка прыткнуўся маленькi, з лапiк, агарод, дзе расце цыбуля,
некалькi качаноў капусты, пятрушка i цьмянец. Жываплот адгароджвае яго ад
дарогi.
Мужчына цяпер у моры, а жанчына нацягнула на сцяне шырокую бурую сетку,
падобную на вялiзнае павуцiнне, i цыруе вочкi. Каля веснiчак у адкiнутым назад
i прыстаўленым бiльцам да плота плеценым крэсле сядзiць дзяўчынка чатырнаццацi
гадоў i латае пералатаную бядняцкую бялiзну. Другое дзяўчо, на год
маладзейшае, гушкае на руках дзiця, якое яшчэ не ўмее нi хадзiць, нi гаварыць;
а двое малых - двух i трох гадоў - сядзяць проста на зямлi носам у нос,
грабуцца ў зямлi нязграбнымi ручкамi i кiдаюцца адно аднаму ў твар пяском.
Усе маўчаць. Толькi немаўля не можа заснуць i ўсё кугакае. На акне дрэмле
кот, а пад сцяною красуецца ляўконiя, i над прыгожай купкай яе белых кветак
зумкае мушыны рой.
Дзяўчынка, што шые каля веснiчак, клiча:
- Матуля!
Мацi адказвае:
- Чаго табе?
- Зноў ён.
Абедзве непакояцца ад самай ранiцы, бо нейкi чалавек швэндаецца вакол
хаты: стары чалавек падобны на жабрака. Яны заўважылi яго, калi хадзiлi
праводзiць бацьку на карабель. Ён сядзеў на краi рова насупраць iх дзвярэй. I
калi яны вярнулiся з берага, ён усё сядзеў там i глядзеў на дом.
З выгляду ён быў хворы i вельмi гаротны. Чалавек не ўставаў з месца цэлую
гадзiну, але, заўважыўшы, што да яго прыглядаюцца, як да злодзея, падняўся i,
кульгаючы, пайшоў.
Але неўзабаве яго марудная i стомленая постаць паказалася другi раз, i ён
зноў сеў, толькi крыху зводдаль, быццам сцерагчы iх.
Мацi з дочкамi спалохалiся. Асаблiва трывожылася мацi, бо па натуры была
палахлiвая, а таксама ад таго, што яе муж Левек меўся вярнуцца толькi за
поўнач.
Яе мужа звалi Левек, а яе - Мартэн, i iх ахрысцiлi Мартэн-Левекамi. I вось
чаму: першы раз яна выйшла за марака Мартэна, якi штолета плаваў да
Ньюфаўндленда лавiць траску.
За два гады жыцця яна нарадзiла дзяўчынку i шосты месяц хадзiла другою,
калi мужаў карабель "Дзве сястры" - трохмачтавiк з Дзьепа - недзе знiк.
Нiхто больш нiколi не чуў пра яго, нiводзiн марак, якi ступiў на яго
палубу, не вярнуўся, i ўсе палiчылi, што ён загiнуў.
Мартэнава жонка дзесяць гадоў чакала мужа i ў змаганнi з галечай гадавала
двое дзяцей. Аднойчы мясцовы рыбак Левек, якi пасля смерцi жонкi застаўся з
сынам на руках, прапанаваў пажанiцца смелай i добрай жанчыне. Яны ўзялi шлюб,
i за тры гады ў яе нарадзiлася яшчэ двое дзяцей.
Жыццё iх было горкае i працавiтае. Хлеб каштаваў дорага, а мяса было зусiм
рэдкiм госцем у хаце. Парой, падчас зiмовых шквалаў i навальнiц, яны бралi
пазыку ў пекара. Нягледзячы на ўсё, дзецi не хварэлi. Вяскоўцы казалi:
- Добрыя яны людзi, Мартэн-Левекi. Мартэн увiшная гаспадыня, а над Левекам
рыбака няма.
Дзяўчынка каля веснiчак сказала:
- Мусiць, ён ведае нас. Можа, гэта якi жабрак з Эпрэвiля цi Азбоска.
Але мацi не магла памылiцца. Не, не, ён не тутэйшы!
Чалавек нiбы аслупянеў, пiльна ўглядаючыся на жытло Мартэн-Левекаў; Мартэн
узлавалася, ад страху асмялела, схапiла рыдлёўку i выйшла на ганак.
- Што вы тут робiце? - крыкнула яна бадзягу.
Ё





Содержание раздела