Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Де Мопассан Ги - Вар'ятка (На Белорусском Языке)


Гi дэ Мапасан
Вар'ятка
Пераклад: Нiна Мацяш
Рабэру дэ Баньеру
- Ведаеце, - сказаў мсье Мацьё д'Андалэн, - гляджу вось на гэтых слонак, i
прыгадваецца мне адна страшная гiсторыя часоў вайны.
Вы ведаеце мой маёнтак у прадмесцi Кармэйля. Там я i жыў, калi з'явiлiся
прусакi.
Той парою маёй суседкай была адна пакутнiца, аслабелая розумам пад ударамi
лёсу. Некалi - было ёй тады ўсяго дваццаць пяць гадоў - яна за адзiн месяц
страцiла бацьку, мужа i немаўлятка.
Калi ўжо смерць аднойчы завiтала ў дом, яна амаль заўсёды зноў заглядвае ў
яго, быццам адну гэту дарогу i запомнiла.
Бедная маладзiчка, падкошаная горам, злегла i шэсць месяцаў была ў
лiхаманцы. Потым бурны крызiс змянiўся глыбокай апатыяй: яна ляжала, як пласт,
амаль нiчога не ела, толькi вадзiла вачамi. Кожны раз, калi хворую спрабавалi
паставiць на ногi, яна ўзнiмала такi лямант, быццам яе мардавалi. I нябогу
пакiнулi ў спакоi, краталi толькi дзеля таго, каб пераадзець яе цi пераслаць
пасцель.
Даглядала няшчасную старая служанка, якая час ад часу прымушала яе папiць
цi з'есцi кавалачак халоднага мяса. Што тварылася ў гэтай адоленай роспаччу
душы? Бог яе ведае: хворая перастала размаўляць. Можа, яна ўспамiнала
нябожчыкаў? Цi проста тужыла, не думаючы нi пра што? А можа, падцятая
свядомасць яе ўвогуле знежывела, як застаялая вада?
У гэтакiм вось стане, не бачачы людзей i не рухаючыся, яна пражыла
пятнаццаць гадоў.
I вось нахапiлася вайна; а на пачатку снежня прусакi занялi Кармэйль.
Я помню ўсё так добра, быццам гэта было лiтаральна ўчора. Стаялi лютыя
маразы; я ляжаў у крэсле, абязножаны падаграй, i раптам пачуў цяжкi, размераны
тупат. Глянуў у акно: iшлi варожыя салдаты.
Той калоне, здавалася, канца не будзе; прусакi ўсё iшлi ды iшлi, такiя
падобныя адзiн да аднаго марыянетачнай скаванасцю рухаў... Потым начальства
размеркавала iх па кватэрах. Да мяне пасялiлi ажно семнаццаць чалавек. Да маёй
звар'яцелай суседкi - дванаццаць, у тым лiку i маёра, сапраўднага салдафона,
чалавека жорсткага i грубага.
У першыя днi ўсё iшло нармальна. Афiцэру сказалi, што гаспадыня хворая, i
гэта яго не трывожыла. Але неўзабаве пастаянная адсутнасць яе пачала
раздражняць яго. Ён запытаўся, што ў панi за хвароба; яму адказалi, што яна
злегла з вялiкага гора i не ўстае пятнаццаць ужо гадоў. Ён, мусiць, не паверыў
i вырашыў, што няшчасная наўмысна, з гордасцi не жадае ўставаць, каб не бачыць
прусакоў, не размаўляць i не сутыкацца з iмi.
Маёр запатрабаваў сустрэчы з хворай; яго прывялi да яе ў спальню.
Ён рэзкiм тонам загадаў:
- Прашу фстаць i сысцi фнiс, матам, фсе мус фас пачыць.
Яна паглядзела на яго цьмяным невiдушчым позiркам i прамаўчала.
Ён настойваў:
- Мой не пацерпiць цёрскасць. Калi фы не патнiмайся с пасцель уласнай
воля, мой снойце сротак прымусiць фас прагуляцца пес староннiй тапамога.
Яна не зрабiла нiводнага жэста, нават не варухнулася, быццам i не
заўважыла яго.
Палiчыўшы гэтае маўчанне за выяву выключнай пагарды, афiцэр раз'юшыўся:
- Калi сафтра фы не пуцеце сысцi фнiс... - дадаў ён i выйшаў.
Назаўтра ранiцаю перапалоханая старая служанка памкнулася адзець вар'ятку,
але тая дзiка залямантавала i стала адбiвацца. Афiцэр прыбег наверх. Служанка
ўпала перад iм на каленi i загаласiла:
- Яна не даецца! Месье, яна не даецца! Злiтуйцеся над ёю, яна такая
няшчасная!
Маёр трохi сумеўся: нягледзячы на ўвесь свой гнеў, ён не рашаўся паклiкаць
салдатаў i сiлай выцягнуць гаспадыню з пасцелi. Але раптам ён зарагатаў i
аддаў нейкi загад па-нямецку.





Содержание раздела