Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Де Мопассан Ги - Пампушка (На Белорусском Языке)


Гi дэ Мапасан
Пампушка
Навела
Пераклала Нiна Мацяш
Шмат дзён запар праз горад цягнулiся рэшткi разбiтай армii. Гэта было ўжо
не войска, а бязладная арда.
Салдаты, зарослыя неахайнымi бародамi, у падраных мундзiрах, паныла
плялiся, без сцягоў, уразброд. Змораныя, прыгнечаныя, гэтыя дзецюкi,
здавалася, не маглi ўжо нi думаць, нi дзейнiчаць, брылi адно па звычцы, а як
толькi спынялiся, падалi ад знямогi. Асаблiва шмат было рэзервiстаў - мiрных
людзей, бяскрыўдных ранцье, прыгорбленых цяжарам вiнтоўкi, ды аднолькава
падатных панiцы i ўздыму салдатаў нацыянальнай гвардыi, заўжды гатовых i да
атакi, i да ўцёкаў; мiж iх сям-там мiльгалi "чырванаштаннiкi" - ашмоткi
дывiзii, перамолатай у бiтве; у адным шэрагу з пехацiнцамi розных палкоў можна
было сям-там заўважыць то цёмныя мундзiры артылерыстаў, то блiскучую каску
нязграбнага драгуна, якi ледзьве ўлягаў за болей ходкай пяхотай.
Праходзiлi падобныя да шайкi разбойнiкаў атрады вольнанаёмных стралкоў з
гераiчнымi найменнямi: "Мсцiўцы за паражэнне", "Грамадзяне магiлы",
"Падзельнiкi смерцi".
Камандзiры гэтых атрадаў, былыя суконшчыкi цi лабазнiкi, гандляры салам цi
мылам, выпадковыя воiны, узведзеныя ў чын афiцэра за машну цi за пышныя вусы,
увешаныя зброяй, убраныя ў мундзiры з галунамi, размаўлялi гучна i
самаўпэўнена, абмяркоўвалi планы кампанii i выхвалялiся, што толькi на iх
плячах i трымаецца няшчасная Францыя; але часам яны проста баялiся сваiх
смелых да безразважнасцi салдатаў - вiсельнiкаў, грабежнiкаў i гвалтаўнiкоў.
Хадзiлi пагалоскi, што прусакi вось-вось зоймуць Руан.
Нацыянальная Гвардыя, якая апошнiя два месяцы вельмi асцярожна вяла
разведку ў навакольных лясах ды сяды-тады падстрэльвала сваiх вартавых i
спешна займала баявыя пазiцыi пры шолаху якога-небудзь зайчыка ў кустоўi,
разбрылася па сваiх сямейных кутках. Зброя, мундзiры - усё тое забойнае
прыладдзе, якiм яна зусiм нядаўна палохала межавыя слупы бальшакоў на тры мiлi
ў акружнасцi, раптоўна некуды знiкла.
Апошнiя французскiя салдаты пераправiлiся нарэшце цераз Сену з намерам
дабрацца да Понт-Адэмэра праз Сэн-Сэвэр i Бург-Ашар; ззаду за ўсiмi iшоў з
двума ад'ютантамi генерал, прыгнечаны, бяссiльны нешта зрабiць з гэтымi
разрозненымi шматкамi, i сам разгублены ад той страшэннай катастрофы, якая
спасцiгла вялiкi народ, прызвычаены да перамог, а цяпер нашчэнт разбiты,
нягледзячы на сваю легендарную храбрасць.
Потым над горадам навiсла мёртвая цiшыня, маўклiвае чаканне немiнучай
бяды. Шмат хто з атлусцелых буржуа, што страцiлi ўсялякую мужнасць за стойкамi
ды прылаўкамi, са страхам чакалi пераможцаў, каб хоць тыя, крый Божа, не
палiчылi зброяй iх пожагi цi вялiкiя кухонныя нажы.
Жыццё ў горадзе спынiлася: крамкi былi на замках, вулiцы абязлюдзелi.
Рэдкiя прахожыя, напалоханыя злавеснай цiшынёй, баязлiва трымалiся блiжэй да
сцен.
Чаканне было такое пакутнае, што, здавалася, хай бы ўжо лепш хутчэй
прыйшоў ён, той вораг.
На другi дзень па адыходзе французскага войска па палуднi па горадзе
прамчалiся ўланы, якiя невядома скуль узялiся. Трохi пазней па схiле
Сэнт-Катрын скацiлася адна чорная лавiна, дзве другiя плынi захопнiкаў хлынулi
з боку Дарнэтальскай i Буа-Гiёмскай дарог. Авангарды ўсiх трох карпусоў
адначасна ўступiлi на плошчу перад ратушай, i па ўсiх суседнiх вулiцах
разгарнулiся батальёны германскай армii - брукаванкi аж гулi пад чаканным
страявым крокам.
Словы каманды, што выкрыквалiся нязвыклымi гартаннымi галасамi, узляталi
каля дамоў, якiя здавалiся вымерлымi i апусц





Содержание раздела