Бернс Роберт - Вершы (На Белорусском Языке)
Роберт Бёрнс
ВЕРШЫ
ПРЫГОЖЫ ЗВАНОЧАК
Вясна прыходзiць з радасцю, з усмешкай,
А хмурая Зiма не хоча адыходзiць.
З гор крышталёвыя струменьчыкi iмчацца.
Яснюткiя нябёсы, дзе сонца ўзыходзiць.
Празрысты ранак прабiваецца праз горы,
Пад вечар сонца з хвалямi гуляе.
Усё жывое радуецца сонцу,
Ды дзе ж званочак любы мой блукае?
Квяцiстая Вясна вядзе за руку Лета,
I хутка Восень золатам заззяе.
Панурая Зiма уселася на ўзгорках,
Пакуль Вясна ў пупышках набрыняе.
Ў нязменным i вясёлым карагодзе
Змяняюцца ўвесьчасна кварты года,
Нязменна толькi я любуюся Званочкам,
Якою б нi была прырода.
Я СЭРЦАМ У ГОРАХ
Я сэрцам у горах,
Я сэрцам на волi.
Я сэрцам у горах -
Не ў лузе, не ў полi.
Я сэрцам у горах,
Дзе казулi, аленi,
Дзе лунаюць заўжды
Мае летуценнi.
Гэй, бывайце, узгоркi
Паўночнай краiны -
Радзiмы гаэлаў
I мужнай радзiны.
У якiя б вандроўкi
Мяне лёс нi кiдаў -
За горную Скотыю
Ўсё б я аддаў.
Гэй, бывайце, вяршынi
У белых уборах,
Бывайце, рачулкi
Ў зялёных прасторах;
Лёс мой родны, бывай,
Мяне болей не ўбачыш.
Бывай, вадаспад!
Што ты, любы, мой, плачаш?..
Пераклала Алена Таболiч